Секцыя 14. СУЧАСНЫЯ ПЕРАКЛАДЫ БІБЛІІ НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ

151. Новы Запавет у выданнях Беларускай Праваслаўнай Царквы

Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Мінск, Беларусь

У 1989 годзе адбылося першае пасяджэнне Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па перакладзе Святога Пісання на беларускую мову. Пасля выдання ў 1991 годзе першага з чатырох Евангелляў - «Евангелля паводле Матфея» на грэцкай, царкоўнаславянскай, рускай і беларускай мовах, - праца над перакладам на пэўны час прыпынілася і аднавілася толькі ў 1995 годзе. Пачынаючы з 1999 года выйшлі іншыя Евангеллі і Дзеі Апосталаў, а ў 2007 годзе выйшла «Свяшчэннае Евангелле» - чатыры Евангеллі ў форме, прызначанай для выкарыстання ў праваслаўнай богаслужбовай практыцы. У 2017 годзе пабачыў свет Новы Запавет у перакладзе з грэцкай мовы Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы пад рэдакцыяй протаярэя Сергія Гардунá.